Да 80-годдзя са дня нараджэння Альберта Штукара

У гэтым годзе 6 сакавіка споўнілася б 80 год нашаму земляку, выдатнаму мастаку Альберту Аркадзьевічу Штукару.
Альберт Аркадзьевіч нарадзіўся ў г. Рэчыцы ў 1940 годзе і ўвесь свой жыццёвы шлях звязаў з гэтым маленькім жывапісным кутком беларускага Палесся. З дзяцінства захапляўся маляваннем. Разам з Эдуардам Агуновічам, Уладзімірам Капшаем і Васілём Буславым наведваў гурток малявання ў гарадскім Доме піянераў, які ўзначальваў Леанід Паўлавіч Абрамовіч. Пад кіраўніцтвам тэленавітага настаўніка цікавасць хлопчыка да жывапісу ўзрасла і засталася на ўсё жыццё.
У 1955 годзе Альберт Штукар закончыў сярэднюю школу №3 і паступіў у Рэчыцкае медыцынскае вучылішча, у якім атрымаў спецыяльнасць фельдшара. Працаваў рэнтгенатэхнікам, судовым медыкам, слесарам, дызелістам-матарыстам буравой установкі ў Рэчыцкім УБР і г.д. За ўсё сваё жыццё Альберт Аркадзьевіч набыў яшчэ шмат прафесій, але пастаяннай засталася любоў да мастацтва. З эцюднікам у руках, амаль штодзён, можна было ўбачыць мастака ў розных кутках Рэчыцы.
Асноўная тэма яго творчасці – родны горад, яго вуліцы і завулкі, перакрыжаванні дарог, старыя і новыя дамы, паркі і скверы, бераг Дняпра. Мастак усё сваё жыццё пражыў у Рэчыцы, любіў і адчуваў горад, таму пісаў з асаблівай асалодай і захапленнем. Адной з улюбеных тэм мастака быў нацюрморт. Гэты звыклы і традыцыйны від жывапісу ў Штукара набыў новыя акцэнты і служыў мастаку для выразу яго сацыяльных, філасофскіх і рэлігійных ідэй, падаваў адносіны аўтара да нацыянальнай гісторыі і культуры.
Мастацкая спадчына Альберта Штукара даволі значная. Каля дваццаці яго эцюдаў і карцін захоўваецца ў фондах Рэчыцкага краязнаўчага музея, больш за сто работ знаходзіцца ў прыватных калекцыях гараджан. Захоўваюцца працы мастака і ў калекцыях нашых зямлякоў, якія жывуць за межамі радзімы – у Амерыцы, Канадзе, Ізраілі, Германіі і г.д.