Персанальная выстава «Па свеце з пэндзлем і алоўкам» Эдуарда Канстанцінавіча Агуновіча

Персанальная выстава “Па свеце з пэндзлем і алоўкам” Эдуарда Канстанцінавіча Агуновіча, заслужанага работніка культуры БССР (1976), сябра Беларускага саюза мастакоў (1971), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1992), ганаровага сябра Акадэміі Еўразіі (1999).

Эдуард Канстанцінавіч Агуновіч нарадзіўся 16 снежня 1938 года ў горадзе Рэчыцы. З дзяцінства цікавіўся мастацтвам, наведваў выяўленчы гурток пры Доме піянераў, якім кіраваў таленавіты мастак і выкладчык Леанід Паўлавіч Абрамовіч. Удзячнасць настаўніку Эдуард Канстанцінавіч пранёс праз усе жыццё.

Атрымаўшы класічную адукацыю ў Віцебскім мастацка-графічнымвучылішчы, а затым скончыўшы Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па cпецыяльнасці мастак-графік, ён назаўжды звязаў сваё жыццё з мастацтвам.

Інтарэсы яго як мастака былі разнабаковымі: шмат займаўся афармленнем літаратурных твораў беларускіх аўтараў, пісаў партрэты, пейзажы, ствараў экспазіцыі музеяў і выстаў, выконваў інтэр’еры памяшканняў, быў удзельнікам шматлікіх выстаў. Яго рознабаковая творчая дзейнасць унесла значны ўнёсак у культурную спадчыну нашай краіны.

На выставе “Па свеце з пэндзлем і алоўкам” прадстаўлены мала вядомыя працы мастака, зробленыя ім пад час падарожжаў. Адно з іх вакол свету адбылося ў 1984 годзе на цеплаходзе “Пятро Машэраў”. У гэта час ён наведаў больш за сорак партоў розных краін свету, зрабіў наглядную агітацыю і афарміў музей на судне. Пейзажы ў жанры марскога і гарадскога пейзажа з гэтага падарожжа займаюць асобнае месца на выставе.

184