Паходная аптэчка

Пра экспанат... Паходная аптэчка, ручная праца, пачатак ХХ ст. 

Апошнім часам фонд нашага музея папоўніўся яшчэ адным цікавым экспанатам. Гэта паходная аптэчка, якая належала заслужанаму лекару БССР, Канстанціну Канстанцінавічу Чапурнаму. Яна зроблена ручна з ліста фанеры і пакрыта пакостам. Зверху ёсць адкідная накрыўка на скураных папружках. З абодвух бакоў скрынкі прыгожыя дэкаратыўныя металічныя накладкі. Доўгія гады яна захоўвалася ў сям’і Чапурнага і перададзена ў музей унучатай пляменніцай яго жонкі. 

Відаць, гэтай аптэчкай Чапурны карыстаўся на фронце ў гады Першай сусветнай вайны. Пасля заканчэння якой быў накіраваны ў Рэчыцу ў якасці лекара габрэйскай грамады. 

З 1923 па 1930 гады Чапурны К.К. працаваў ардынатарам хірургічнага аддзялення мясцовай лякарні, пасля займаў пасаду намесніка паліклінікі, і там жа быў хірургам. Званне “Заслужаны лекар БССР” Канстанцін Канстанцінавіч атрымаў адным з першых у краіне, ў лютым 1941 года. 

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны служыў у шпіталі лёгкапараненых, потым – ў эвакуацыйным шпіталі. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе вярнуўся ў Рэчыцу і працягваў працаваць хірургам. Памёр Канстанцін Канстанцінавіч у 1946 годзе і пахаваны на старых могілках.