Да 70-годдзя са дня нараджэння Віктара Асіпенкі

19 студзеня 2020 года споўнілася 70 гадоў выдатнаму мастаку Віктару Рыгоравічу Асіпенку.
Віктар Асіпенка нарадзіўся ў вёсцы Якімаўка Рэчыцкага раёна. У 1972 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. У мастацкіх выставах прымае ўдзел з 1972 года. З 1997 года-член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь. З гэтага ж часу-актыўны ўдзельнік мастацкіх пленэраў.
Працаваў настаўнікам выяўленчага мастацтва і чарчэння ў СШ №9 г. Рэчыцы, дзе стварыў класы з архітэктурна-мастацкім ухілам, пасля – у рэчыцкай школе мастацтваў. Некаторы час працаваў мастаком-афарміцелем Рэчыцкага філіяла Гомельскага камбіната "Мастацтва", але зноў вярнуўся да любімай выкладчыцкай працы. За час працы ў майстэрнях Мастацкага фонду БССР ім былі аформленыя грамадскія будынкі, школы, Палацы культуры, бібліятэкі.
Працы Віктара Асіпенкі з поспехам экспануюцца на рэспубліканскіх і міжнародных выставах (Польшча, 1988; Германія, 1994). Многія працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Германіі, ЗША і Ізраіля.