Открытие археологической выставки "ТАЯМНІЦЫ СТАРАЖЫТНАГА КУРГАНА"


ІНСТЫТУТ ГІСТОРЫІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ АКАДЭМІІ НАВУК БЕЛАРУСІ

РЭЧЫЦКІ КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ

Археалагічная выстава

ТАЯМНІЦЫ СТАРАЖЫТНАГА КУРГАНА.

З даследаванняў могільніка і паселішча
IV – пачатку II тысячагоддзяў да н.э.
каля вёскі Капань Рэчыцкага раёна.

Паводле археалагічных даследаванняў апошніх дзесяцігоддзяў у даліне Дняпра побач з вёскай Капань (Рэчыцкі раён) знойдзена больш за 30 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў. Адзін з іх – Капань 9 – могільнік і паселішча IV – пачатку II тысячагоддзяў да н.э. Археалагічныя раскопкі ў Капані 9, якія праводзіліся ў 2013 – 2016 гадах пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук, вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі М.М. Крывальцэвіча, дазволілі выявіць курганны комплекс з 8 пахаваннямі другой паловы III – пачатку II тысячагоддзяў да н.э., а таксама сляды неалітычнага паселішча IV – III тысячагоддзяў да н.э.

Экспазіцыйную аснову выставы “Таямніцы старажытнага кургана”, складаюць матэрыялы раскопак 2013 – 2016 гадоў у Капані 9, якія захоўваюцца ў фондах Інстытута гісторыі НАН Беларусі і вывучэнне якіх працягваецца. Кантэкст выставачнай тэмы пашыраецца за кошт некаторых знаходак позняга неаліту – эпохі бронзы з фондаў Рэчыцкага краязнаўчага музея.

На выставе дэманструюцца прынашэнні нябожчыкам, знойдзеныя ў курганных пахаваннях Капані 9. Гэта багата арнаментаваны посуд, каменныя і крамянёвыя вырабы, упрыгожанні. Сярод рэчаў – унікальны крамянёвы кінжал, бурштынавая падвеска, наборы крамянёвых наканечнікаў стрэл і сякер, каменныя свідраваныя сякеры і інш.

Рэчавая частка экспазіцыі арганічна дапаўняецца вялікай колькасцю фотаматэрыялаў і малюнкаў, на якіх адлюстроўваецца працэс і этапы археалагічнага даследавання могільніка, раскрываюцца тэмы функцыянальнага і сакральнага прызначэння старажытных рэчаў, прапануюцца рэканструкцыі элементаў тагачаснай побытавай культуры. Візульнымі сродкамі і тэкставымі анатацыямі тлумачацца археалагічна выяўленыя сляды пахавальных рытуальных дзеянняў, адзначаюцца некаторыя вынікі праведзеных антрапалагічных ідэнтыфікацый касцёвых парэшткаў з пахаванняў і іншых спецыяльных аналізаў.

Курганны могільнік другой паловы ІІІ – пачатку ІІ тысячагоддзяў да н.э. у Капані 9 – першы археалагічна даследаваны і самы старажытны пахавальны комплекс на тэрыторыі Рэчыцкага Падняпроўя. Пахаванні пакінула насельніцтва сярэднедняпроўскай культуры, тэрыторыя распаўсюджання якой ахоплівала ў другой палове ІІІ – пачатку ІІ тысячагоддзяў да н.э. рэгіёны Верхняга і Сярэдняга Падняпроўя. Носьбіты культуры займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам, актыўна выкарыстоўваючы для сваіх гаспадарчых мэт багатую прыроднымі рэсурсамі даліну Дняпра. Уздоўж Дняпра размяшчаліся іх шматлікія курганныя і бескурганныя пахаванні. Нябожчыкаў спальвалі альбо хавалі па абраду інгумацыі. Адпраўленне ў іншы свет суправаджалася шматлікімі рытуальнымі дзеяннямі, а ў некаторых выпадках багатымі цырымоніямі, змест і характар якіх залежаў ад полавай, узроставай катэгорыі нябожчыка, яго сацыяльнага статусавага значэння. Пад курганнымі насыпамі і на бескурганных могільніках выяўлены сляды рытуальных збудаванняў (“дамоў памерлых”, кругавых агароджаў), кругавых равоў, памінальных вогнішчаў, дароў, неаднаразовых наведванняў магіл продкаў і інш. Каля парэшткаў нябожчыка знаходзіліся сляды жывёльных ахвяр, пахавальныя прынашэнні – некаторыя асабістыя рэчы, якія адлюстроўвалі яго прыжыццёвае становішча і ролю ў тагачасным родавым калектыве. Сустракаюцца “багатыя” і “супербагатыя” магілы. Пахаваныя ў іх мужчыны займалі выключнае сацыяльнае становішча. У склад пахавальнага інвентару такіх магіл уваходзілі прэстыжныя ў тыя часы прылады, аздобы і зброя, у тым ліку прывезеныя з аддаленых тэрыторый Еўропы. Адна з мэтаў здзейсненых рытуалаў – годны пераход памерлага суродзіча ў іншасвет, у якім апынецца яго душа і адбудзецца другое нараджэнне.

Могільнік у Капані 9 – адзін з тыповых пахавальных комплексаў мясцовых носьбітаў сярэднедняпроўскай культуры. Ён складаецца з рэшткаў кургана, кругавых раўкоў, якімі абводзілася сакральная прастора нябожчыка, з цэнтральных і бакавых пахаванняў, з пазнейшых магіл, якія дадаваліся да асноўных пахавальных аб’ектаў.

Могільнік у Капані 9 сфарміраваўся на месцы больш ранніх неалітычных паселішчаў IV – ІІІ тысячагоддзяў да н.э. Лад жыцця людзей часоў неаліту засноўваўся на паляўнічых, рыбалавецкіх і збіральніцкіх занятках. У неалітычных культурных пластах Капані 9 знойдзены тысячы фрагментаў багата арнаментаванага керамічнага посуду, крамянёвых і каменных вырабаў з розных перыядаў побытавай і гаспадарчай дзейнасці людзей тых часоў. На выставе дэманструюцца фрагменты і рэканструкцыі аздобленай арнаментамі неалітычнай керамікі, а таксама самыя старажытныя на тэрыторыі Беларусі керамічныя праселкі, якія надзяваліся на верацяно і выкарыстоўваліся для прадзення нітак.

Выстава дапаўняецца выпадковымі знаходкамі каменных свідраваных і крамянёвых шліфаваных сякер, крамянёвага наканечніка дроціка, якія захоўваюцца ў фондах Рэчыцкага краязнаўчага музея і якія знойдзены на тэрыторыі Рэчыцкага Падняпроўя і адносяцца да перыяду ІІІ – ІІ тысячагоддзяў да н.э. Артэфакты пашыраюць тыпалагічны шэраг вырабаў, характэрных для позняга неаліту і эпохі бронзы.

Навуковая канцэпцыя выставы, аўтар тэкстаў, анатацый і фотаздымкаў –
М.М. Крывальцэвіч (kryvaltsevich.arch@tut.by)

149